Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

3 лістапада - 135 гадоў з дня нарадждэння Якуба Коласа, Народнага паэта Беларусі!!!

Дата: 3 ноября 2017 в 19:48, Обновлено 18 ноября 2017 в 19:56
327 просмотров

3 лістапада – 135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа (1882–1956), народнага паэта Беларусі

Дата: 31 октября в 13:44, Обновлено 31 октября в 14:05

Автор: Машнюк Я. И.

14 просмотров

Нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) 3 лістапада 1882 г. у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. У той час у Акінчыцах было каля 10 сялянскіх двароў, дом ляснічага, канцылярыя лясніцтва. Бацька Коласа Міхала Казіміравіч Міцкевіч працаваў лесніком акінчыцкай каморы ў лясніцтве польскага магната кн. Радзівіла.
Акінчыцы. Лясная камора
У 1883 г. сям'я Міцкевічаў перабіраецца з Акінчыц>* у Ласток (Сухошчына), дзе жыве да 1890 г. Разам са старэйшымі братамі Уладзем і Алесем Колас вучыцца ў вандроўнага настаўніка – Алеся Фурсевіча. З 1892 г. – у Мікалаеўшчынскай пачатковай школе, дзе захапляецца байкамі Крылова, вершамі Пушкіна, апавяданнямі Гогаля. Знаёміцца з вершамі Лермантава, Жукоўскага, Някрасава, казкамі і апавяданнямі Л.Талстога, з творамі (у рукапісе) на беларускай мове (вершы Янкі Лучыны).
У 1894 г. з’яўляюцца першыя літаратурныя вопыты — байка «Лисица и ворона», верш «Вясна».

**«У Альбуці, калі мне было 12 гадоў, я пачаў прабаваць і свае літаратурныя сілы. Памятаю, прачытаў бацьку свой верш «Вясна». Ён праслухаў уважліва, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў рубель гасцінца».

Пасля заканчэння народнай школы жыве ў Альбуці, дапамагае бацькам у гаспадарцы. Рыхтуецца да паступлення ў настаўніцкую семінарыю. Чытае Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Кальцова… Прыблізна ў 1896—1897 гг. напісаны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». У аўтографе ёсць паметка: Запісаў Карусь Лапаць.

У жніўні 1898 г. паступае ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля яе заканчэння (1902 г.) працуе настаўнікам на Палессі і Міншчыне (1902-1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. - у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-ім прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у маі 1921 г. пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры.

Якуб Колас са сваёй сям'ёй, Мінск (1928 г.)
З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 - лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Мінск.

Якуб Колас з роднымі і блізкімі, Мінск (1932 г.)
Быў сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР.

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).

Самыя раннія вершы, напісаныя на рускай мове, пазначаны 1898 г. Першым апублікаваным вершам з'яўляецца "Наш родны край" (1906 г., газета "Наша доля"). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае выданне ў 1982), затым - кнігі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з'явы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 г. асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Тоўстае палена» і «Нёманаў дар», апавяданні вершам «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У савецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі жыцця» (1926, 1-е выданне - Коўна, 1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), аповесць «У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесць «На прасторах жыцця» (1926, экранізавана ў 1929; уключаны і апавяданні, 2-е дапоўненае выданне ў 1928), аповесці «У глыбі Палесся» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955, інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» ў 1958; экранізавана ў 1960-1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве між нас геній» (1952) і інш. Многія вершы Я.Коласа пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей - паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Аўтар п'ес «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20- я гад ы ), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця» (1917).

Выступаў у галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. У 1957 г. выйшаў зборнік «Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Методыка роднае мовы» (1926).

Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» А.Пушкіна, паасобныя творы Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Р.Тагора і інш. Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского словаря» (1953).

Выйшлі Зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961-1964), 14-ці (1972-1978) тамах. Неаднаразова перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы і паэмы).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».

Колас выступаў як паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік і педагог, публіцыст, крытык, перакладчык. Памёр у 1956 г .

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.